Жодзінскі ветэран Вялікай Айчыннай вайны стане героем фільма

0
168

Знайсці кватэру Веніяміна Рыгоравіча Баразнёнка лёгка па шыльдзе «Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны». Дзверы адчыняе бадзёры і жыццярадасны мужчына. Адкрыта, крыху па-дзіцячы ўсміхаецца, запрашае ў дом. У гады Вялікай Айчыннай, сямігадовым хлопчыкам, ён быў сувязным у партызанскім атрадзе, пiша mlyn.by

За два тыдні да пачатку вайны сямігадовы Веніямін разам з хлапчукамі з вёскі Перавоз Бярэзінскага раёна, як заўсёды летам, пасвіў гусей каля рэчкі. Гулялі, хаваліся, і нечакана наткнуліся на незнаёмыя прадметы, замаскіраваныя ў яры.

— Убачыў нешта белае, заваленае галінкамі. Стаў цягнуць, а яно ўсё цягнецца і цягнецца, — прыгадвае Веніямін Рыгоравіч. — Пабег за бацькам. Ён у мяне быў старшынёй сельсавета. Як высветлілася, гэта былі два нямецкія парашуты. Бацька патэлефанаваў на ваенны аэрадром, які знаходзіўся за чатыры кіламетры ад нашай вёскі. Вайскоўцы аператыўна паднялі ў паветра «кукурузнік», і хутка лётчыкі выявілі сярод лесу двух падазроных вайскоўцаў.

Іх затрымалі. Супрацоўнікі НКУС высветлілі, што гэта нямецкія дыверсанты, якія ўстанаўлівалі для свайго камандавання месцазнаходжанне стратэгічна важных аб’ектаў, што падлягалі знішчэнню ў першую чаргу. Сярод іх і ваенны аэрадром. Свае задачы шпіёны, мабыць, паспелі выканаць.

У першы дзень вайны фашысцкія бамбардзіроўшчыкі змяшалі яго з зямлёй. Ні адзін самалёт не паспеў падняцца ў паветра.

Яшчэ не быў перагорнуты каляндарны лісток з чорнай датай «22 чэрвеня», а жыхары Перавоза не сумняваліся, што вайна да іх прыйдзе. І загадзя рылі зямлянкі, пераносілі ў іх неабходныя рэчы.

Яны хаваліся там з прыходам немцаў, пасля таго як запалалі агнём суседнія вёскі.

— Зямлянка была на пяць сем’яў і памерамі прыкладна як мой пакой, — згадвае ветэран. — Толькі «столь» была значна ніжэй. Калі над намі пачалі свістаць кулі, не адразу зразумелі, што гэта страляніна. Памятаю, як старая бабка, што сядзела побач са мной, сказала: «Зыкі лятаюць». Так у нас называлі аваднёў…

Веніямін Рыгоравіч паказвае старшыні Жодзінскага гарадскога савета ветэранаў Таццяне Наўроцкай армейскія фотаздымкі

Не зразумелі людзі і рэзкага «Раус!» («Выходзь!»), якое выгукнуў немец каля іх зямлянкі. Вяскоўцы сядзелі ціха, баяліся варухнуцца. Гітлеравец не стаў паўтараць загад двойчы — кінуў у зямлянку гранату. «Што за бязмен такі?» — здзівілася адна з жанчын. Бацька Веніяміна добра ведаў, што за «бязмен», ён прайшоў польскую вайну. Крыкнуў, каб на гранату накідалі вопратку і падушкі. Грукат гранаты ў зямлянцы аглушыў усіх.

— Нас накрыла заслона з пуху і пер’я. Былі загінулыя, параненыя… Мы ў жаху сталі выбягаць з зямлянак. Немец стаяў непадалёк і заходзіўся ад рогату…

Частку вёскі фашысты спалілі, у другой зрабілі палявы шпіталь. Людзей расстрэльвалі з першых дзён. Спачатку яўрэяў, затым актывістаў.

У канцы 1941 года бацька Веніяміна пайшоў у партызаны. Праз некаторы час немцы забралі хлопчыка ў гестапа: калі бацька не прыйдзе з павіннай — чакае расстрэл…

Веніямін Рыгоравіч не змог стрымаць слёз.

— На гэтым скончылася маё дзяцінства, пачалася партызанская гісторыя, — кажа ветэран. — Бацька арганізаваў мае ўцёкі. Падкуплены партызанамі ахоўнік ноччу адарваў дзве дошкі ў плоце. Мяне завезлі ў партызанскі лагер. Такіх, як я, малых у атрадзе было трое.

Веніямін Рыгоравіч апынуўся ў 152-м партызанскім палку, што дзейнічаў на Магілёўшчыне. І да прыходу савецкіх войскаў быў у ім сувязным. Хадзіў па заданню атрада ў нямецкія гарнізоны, здабываў важныя звесткі, і партызаны грамілі варожыя аб’екты, падрывалі эшалоны.

— Праз сувязнога з суседняй вёскі я перадаваў зашыфраваныя звесткі і данясенні, схаваўшы іх у лапцях, у свой атрад. Прыходзілася ісці на розныя хітрыкі, каб фашысты не здагадаліся, што я сувязны. Ворагі арганізоўвалі на нас аблавы… Ратуючыся, часам даводзілася праходзіць каля пяцідзесяці кіламетраў за суткі, хавацца, — згадвае ветэран.

Добра памятае Веніямін Рыгоравіч і Дзень Перамогі:

— Аб тым, што ідуць баі за Магілёў, мы даведаліся па радыё. Пазней разведка данесла, што па дарозе ідзе калона савецкіх салдат. У гэта цяжка было паверыць. Затое, калі прыйшло ўсведамленне, слёз радасці ніхто не стрымліваў…

Пасля вайны Веніямін Рыгоравіч скончыў школу, працаваў начальнікам аўтакалоны ў Беразіно.

Адслужыў у арміі, ажаніўся і пераехаў з сям’ёй у Жодзіна. Тут уладкаваўся на Беларускі аўтазавод, дзе прайшоў шлях ад аўтамеханіка да начальніка калоны. Выгадавалі з жонкай дзвюх дачок, а не так даўно Веніямін Рыгоравіч выдаў замуж і любімую ўнучку Насцю.

— Адна мара засталася — дачакацца праўнукаў і каб яны ніколі не ведалі, штó такое вайна, — гаворыць ветэран і зноў не хавае слёз.

Дадаткова

У Жодзіна пражывае 17 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Актыўную жыццёвую пазіцыю займаюць Веніямін Баразнёнак, Любоў Дубіна, Лідзія Сушкевіч, Філіп Карлаў. У юбілейны год Перамогі гарадскі савет ветэранаў вырашыў зняць фільм пра нашых ветэранаў.

— Вельмі важна захаваць памяць для нашчадкаў, каб яны маглі з першых вуснаў пачуць, штó такое вайна, — сказала старшыня Жодзінскага гарадскога савета ветэранаў Таццяна Наўроцкая.

Алёна Драздоўская

Фота аўтара

 

Крынiца: mlyn.by